СТОГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1337—1453,

серыя войнаў паміж Англіяй і Францыяй. Традыцыйна падаецца як барацьба за карону Францыі паміж франц. Валуа і англ. Плантагенетамі, пазней Ланкастэрамі. Глыбіннай асновай канфлікту былі барацьба Англіі і Францыі вакол Гіені і Фландрыі, жаданне Англіі вярнуць Нармандыю, Мэн, Анжу і інш. страчаныя ўладанні Плантагенетаў. Першы этап вайны (1337—1360) быў паспяховы для англічан: у 1340 яны разбілі франц. флот каля Слёйса (Эклюза), у 1346 — франц. войскі каля Крэсі, у 1347 — узялі Кале; у 1356 сын караля Эдуарда III прынц Уэльскі Эдуард («Чорны прынц») перамог французаў у бітве каля Пуацье і ўзяў у палон франц. караля Іаана II Добрага. Ваен. дзеянні, шматлікія разбурэнні, павелічэнне падаткаў прывялі да Парыжскага паўстання 1357—58 і Жакерыі. Франц. ўрад быў вымушаны заключыць цяжкі мір у Брэціньі. На другім этапе С.в. (1369—96) новы кароль Францыі Карл V [1364—80] рэарганізаваў войска, узмацніў артылерыю і да канца свайго праўлення выцесніў англічан амаль з усёй тэр. Францыі. На трэцім этапе С.в. (1415—53), у час праўлення псіхічна хворага Карла VI [1380—1422], Францыя была аслаблена грамадз. вайной Бургундскага і Арлеанскага дамоў 1405—35 (т.зв. вайна бургіньёнаў і арманьякаў). Сітуацыю выкарыстаў англ. кароль Генрых V [1413—22], які высадзіўся ў Францыі і ў бітве пры Азенкуры 25.10.1415 разграміў франц. войска. У выніку шматлікіх перагавораў і міждынастычных шлюбаў у 1422 англічане і бургундцы прызналі каралём Англіі і Францыі немаўля Генрыха VI [1422—61 і 1470—71], рэгентам пры якім стаў англ. герцаг Бэдфард. Адначасова каралём Францыі абвясціў сябе і дафін Шарль, пад уладай якога заставаліся Цэнтр. і Паўд. Францыя. У 1428 англічане аблажылі г. Арлеан, з узяццем якога адкрываўся шлях англ. арміі на Пд Францыі. У гэты ж час пры франц. двары з’явілася Жанна д’Арк, якая ўзначаліла вызв. вайну франц. народа. У маі 1429 знята аблога з Арлеана, у ліп. Карл VII каранаваны франц. каронай. У выніку Араскага міру (21.9.1435) на бок франц. караля перайшоў герцаг Бургундскі. У 1436 вызвалены Парыж, да 1441 англічане страцілі Шампань, да 1450 — Нармандыю і Мэн, да 1453 — Гіень. На тэр. Францыі яны захавалі толькі Кале (да 1558). Мір паміж Людовікам XI і Эдуардам IV у Пікіньі 29.8.1475 паклаў канец дамаганням англічан на франц. карону. Аднак толькі пасля Ам’енскага мірнага дагавора 1802 англ. каралі перасталі тытулаваць сябе і «каралямі Францыі».

Літ.:

Басовская Н.И. Столетняя война 1337—1453 гг. М., 1985;

Яе ж. Столетняя война: Леопард против лилии. М., 2002;

Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк: Пер. с фр. М., 1992;

Сьюард Д. Генрих V;

Пер. с англ. Смоленск, 1996.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 15, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)